ПЕ́РШАЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ ДАПАМО́ГА комплекс тэрміновых, простых мерапрыемстваў для выратавання жыцця чалавека і папярэджання ўскладненняў пры няшчасных выпадках, траўмах ці раптоўных хваробах.

Ажыццяўляецца на месцы здарэння самім пацярпелым (самадапамога) або інш. асобай, якая знаходзіцца побач (узаемадапамога). Ад своечасовай і якаснай П.м.д. часта залежыць ход хваробы, яе лячэнне, аднаўленне працаздольнасці. Агульныя меры П.м.д.: вынесці хворага з абставін, якія выклікалі няшчасны выпадак, перапыніць дзеянне шкоднага фактару; ліквідаваць цяжкі і небяспечны для хворага стан (напр., крывацёк); налажыць шыну, павязку, жгут; даставіць у бальніцу або выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу.

т. 12, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)